Знаемства з беларускай мовай

Дата: 26 августа 2016 в 13:44, Обновлено 14 ноября в 11:14

Чытаем беларускія вершы, казкі, забаўлянкі, лічылкі


 

"Навагодняя песня" С.Сокалау-Воюш

Дзе пушчы і балоты,
Між елак і бяроз
На іртах па сумётах
Шыбуе Дзед Мароз.

Зіхцяцца, як карункі,
Сняжынкі ў барадзе,
А ў торбе – падарункі
Дзіцячай грамадзе.

I радасна на свяце,
I весела – да слёз! –
Калі у цёплай хаце
Гасцюе Дзед Мароз.

 

Максім Танк   "Жук і слімак"

Пагожым летнім ранкам

На лузе за сялом

Сустрэўся жук аднойчы

З рагатым слімаком.


 

- Здарова! - жук вітае. -

Куды, браток, ідзеш

І з ракавіны хатку

Куды з сабой нясеш? -


 

Абцёр слімак пот з твару,

Гаворыць так жуку:

- Нямала перажыць мне

Прыйшлося на вяку.


 

То сцюжа, то марозы,

То навальніца, дождж,

То, часам, у дарозе

Захопіць змрок і ноч, -


 

Шукай тады начлегу

Пад нейкім пад кустом... -

Гутораць яны гэтак

І раптам чуюць гром.


 

Ударыў дождж краплісты.

І жук пабег шукаць

Дзе ў засені цяністай

Шырокага лістка.


 

Але на цэлым лузе

Няма страхі нідзе,

І мокры, ледзь жывы ён

Да слімака ідзе.


 

- Пусці, браток, пагрэцца,

Змок дужа на лугу,

Насіць за гэта хатку

Табе дапамагу.


 

У ракавіне шчыльнай

Вандроўнікі сядзяць.

Іх нават дождж краплісты

Не зможа ў ёй дастаць.


 

Але мінулі хмары,

І сонца ўстала зноў,

Жук хату слімакову

Пакінуў і пайшоў.


 

Забыўся пра нягоды

І не на ўме жуку,

Што абяцаў паднесці

Ён хату слімаку.


 

Зямля з блакiтнымi вачамi 

Зямля з блакiтнымi вачамi -
Раздолле рэчак i лугоў!
Тут называюць Васiлькамi
На Беларусi хлапчукоў,

Звiняць крынiцы, як цымбалы,
Сцяжынкi свецяць у лясах.
Палі, узгоркi, перавалы -
Прасторны шлях, далёкi шлях!

Краiна славы партызанскай,
Краіна міру i даброт!
Ты - наша гордасць,
Наша казка,
Як сонца, шчодры твой народ.

Твае сыны,
Твае унукі,
Мы любiм гул тваiх бароў.
І рэкi цягнуцца, як рукi,
Да цёплых, верных рук сяброў.


 


 

Дзве мовы

Мой тата нарадзіўся ў Курску,

А мама - родам з-пад Гальшанаў.

Гаворыць тата мой па-руску, 

На беларускай мове - мама.


 

Дзве мовы сэрца мне галубяць,

Хоць словы ў іх не супадаюць.

Я з татам апранаю шубу,

А з матуляй- футра апранаю.


 

Спадніца - юбкой, а сукенку

Мой тата платьем называе.

Надзену капялюш - паненкай

Шыкоўна ў шляпе выглядаю.


 

Купляе татачка носкі мне, 

Матуля дорыць мне шкарпэткі,

І саграе мяне ў дзень зімні

І камізэлька, і жылетка.


 

Бягу да таты я ў сапожках,

А ў боціках лячу да мамы.

Заўжды ў сапожках цёпла ножкам,

Не сцюжна ў боціках таксама.


 

Пачнецца дождж - пад парасонам

Мы з мамаю ідзём дахаты

І бачым: пад зонтом ад дома

Спяшаецца насустрач тата.


 

Гаворыць тата мой па-руску,

Ды з часам болей прыкмячаю,

Што словы з мовы беларускай

За мною тата паўтарае - 

Са мной ён мову вывучае!

                                                                            Анатоль Зэкаў


 

Забаўлянкі і лічылкі

— Заяц-месяц,

Дзе ты быў?

— У лесе.

— Што рабіў?

— Лыкі драў.

— Куды клаў?

— Пад калоду.

— Выйдзі вон із карагоду!

Ішоў кот праз сто варот,

Дайшоў да канца,

Знайшоў кацяня,

Мяў!


 

Кацілася торба

З высокага горба,

А ў той торбе

Хлеб, пшаніца.

З кім жадаеш

Ты дзяліцца?

Кошку грамаце вучылі:

Не чытаць, не пісаць,

А за мышкамі скакаць.

.............................................................

    Гушкі, гушкі, гушкі,                         
    Прыляцелі птушкі,
    Селі на варотах
    У чырвоных ботах.                         
    Боты паскідалі,
    Кругом паляталі.
    Сталі сакатаці.
    Чаго птушкам даці?
    Прынясу ім жыта,
    Будуць птушкі сыты.
    Пасыплю гароху —
    Хай ядуць патроху.
                                                                    Ды насыплю грэчкі —
                                                                    Хай нясуць яечкі.


 


 

Сарока-варона

Сарока-варона
На прыпечку сядзела,
Кашку варыла,
Дзетак карміла.
Гэтаму дала,
Гэтаму дала,
Гэтаму дала,
Гэтаму дала,
А гэтаму не дала.
Гэты пальчык —
Вялікі гультайчык:
Круп не драў,
Цеста не мясіў,
Вады не насіў.
Лыжка на паліцы,
Кашка ў камяніцы.
Шуг! Шуг! Шуг!
Паляцелі —
На галоўку селі.


 

Беларускія казкі 

 

"Пра быка і яго сяброў"

Пасвіўся на лузе бык. Убачыў ён каля рэчкі туман і напужаўся: падумаў, што зямля і вада гараць.
«Пабягу я лепш адгэтуль на край свету!» — парашыў бык. Задраў хвост і пабег. Сустрэўся яму на дарозе казёл:
— Бык, куды бяжыш?
— На край свету.
— Чаго?
— У нас зямля і вада гараць. Баюся, каб і мне не згарэць.
— Пабягу і я з табою.
— Бяжы.
Бягуць яны, а насустрач ім парсюк:
— Куды бяжыце?
— На край свету: у нас зямля і вада гараць! Баімся, каб і нам не згарэць.
— I я з вамі пабягу.
— Бяжы.
Бягуць яны ўтрох. Сустракае іх гусак.
— Куды бяжыце?
— На край свету: у нас зямля і вада гараць! Баімся, каб і нам не згарэць.
— I я з вамі пабягу.
— Бяжы.
Бягуць яны ўчатырох. Сустракае іх певень.
— Куды бяжыце?
— На край свету: у нас зямля і вадагараць...
— I я з вамі пабягу.
— Бяжы.
Беглі, беглі, прыбеглі ў лес. А тут і зіма надыходзіць. Бык кажа:
— Ну, хопіць бегчы: зімою зямля не загарыцца. Давайце, будзем хату рабіць ды запасы на зіму рыхтаваць.
Парсюк кажа:
— Мне хата не трэба: я выкапаю сабе яму, нанашу туды моху на падсцілку, жалудоў на харч ды буду зімаваць. Мне і так цёпла будзе!
Казёл кажа:
— А я карою пракармлюся, у дупле пагрэюся.
— А ты, гусак? — пытаецца бык.
— У мяне пер'е цёплае, я дзюбу ў яго схаваю ды так і перазімую.
— А ты, певень?
— А мне што, я і пад ялінкаю перазімую.
Што рабіць? Узяўся бык адзін хату будаваць. Нанасіў бярвення, моху, збудаваў цёплаю хату і жыве сабе ў ёй без бяды.
Насталі лютыя маразы. Парсюк круціўся, круціўся ў яме, не вытрымаў ды пайшоў да быка:
— Пусці, бык, у хату: сцюдзёна вельмі.
— Не, — кажа бык, — не пушчу: ты ў мох закапашся, табе і так цёпла будзе!
— Калі не пусціш, — кажа парсюк, — дык я падкапаю лычом падрубу — твая хата абернецца, ды яшчэ і цябе самога задушыць.
Напужаўся бык: хочаш не хочаш, трэба пускаць парсюка ў хату...
— Ну, добра, — кажа, — ідзі: удвух весялей будзе.
На другі дзень прыходзіць казёл:
— Пусці, бык, у хату.
— Навошта табе хата? Ты ў дупле перазімуеш!
— Ну, калі не пусціш, дык я разганюся, стукну рагамі ў сцяну і праб'ю дзірку: мароз залезе ў хату, табе холадна будзе.
Што рабіць — пусціў казла.
— Добра, — кажа, — хата ў мяне не малая: хопіць і траім месца.
На трэці дзень прыходзіць гусак:
— Бык, бык, пусці ў хату пагрэцца!
— Не пушчу!
— Чаму?
— У цябе пер'е цёплае, ты ў яго дзюбу схаваеш ды так і перазімуеш.
— Ну, калі не пусціш, дык я дзюбаю ўсю страху расцягаю, табе холадна будзе.
Спужаўся бык — пусціў і гусака.
На чацвёрты дзень прыходзіць певень:
— Пусці, бык, у хату!
— А хіба табе пад ялінкаю не цёпла? — засмяяўся бык. — Не пушчу! У мяне ўжо і так цесна.
— А калі не пусціш, дык я ўзлячу на гару і увесь пясок са столі зграбу: дух з хаты праз столь выйдзе, і ты замерзнеш.
Спужаўся бык — пусціў і пеўня.
Жывуць яны ў хаце ўпяцёх. Ідзе мядзведзь. Убачыў хату.
— Хто тут жыве? — пытаецца.
— Бык, казёл, парсюк, гусак і певень, — адказваюць з хаты.
— Пусціце і мяне пагрэцца.
— Не, не пусцім. Ты нам не кампанія.
Мядзведзь стукнуў лапаю ў дзверы, праламіў іх і ўвайшоў у хату. Тут выставіў бык рогі ды прыпёр мядзведзя да сцяны. А казёл давай яму рагамі ў бок лупіць, а парсюк зубамі за жывот ірваць, а гусак у нос дзяўбці... А певень узляцеў на лаву ды давай крычаць: «Кудах-кудах! Куды-куды!» Ледзьве жывым выскачыў з хаты няпрошаны госць — мядзведзь.
Ідзе ён кульгаючы па лесе, сустракае ваўка.
— Дзе быў, сусед? — пытаецца ў яго воўк. — Чаму ты такі хмуры?
— Ой, — кажа мядзведзь не сваім голасам, — трапіў я да страшэнных разбойнікаў. Адзін мяне віламі да сцяны прыціснуў — не павярнуцца. Другі ражнамі ў бок таўчэ. Трэці абцугамі кішкі выцягвае. Чацвёрты прутком у нос коле. А пяты, у чырвонай шапачцы, ззаду шабля крывая, на нагах шпоры, бегае па лаве ды усе крычыць: «Падай, падай яго сюды!» Добра, што я ўцёк, бо не ведаю, што б тэты пады разбойнік зрабіў са мною...
З таго часу больш ні мядзведзь, ні воўк у тую хату не зазіралі.


 


 


 


 

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.